Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

23.10.15

"Душою прычасціцца ад вытокаў...". "Настаўніцкая газета" ад 22.10.2015 паведала пра новы творчы праект, ініцыіраваны ў сталічнай сярэдняй школе №170.

“Душою прычасціцца ад вытокаў…”

Так называецца новы творчы праект, ініцыіраваны ў сталічнай сярэдняй школе № 170.

Першае мерапрыемства ў рамках праекта — літаратурна-музычная сустрэча — надоечы сабрала ў сценах школы некалькі дзясяткаў паэтаў, бардаў, мастакоў, прадстаўнікоў духавенства, якія правялі з дзецьмі шчырую гутарку пра тое, наколькі сёння важна маладому пакаленню працаваць над сваёй душою, вучыцца і выхоўвацца на лепшых узорах айчыннага і сусветнага мастацтва, цаніць і прымнажаць духоўныя набыткі сваіх продкаў. Са сцэны актавай залы 170-й сярэдняй школы гучалі вершы і аўтарскія песні ў выкананні паэта члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколы Трафімчука (дарэчы, радок менавіта з яго верша падказаў назву ўсяму праекту); паэта, барда, члена Расійскага саюза пісьменнікаў Ігара Субоціна, паэта барда Валерыя Пазнякевіча, паэта і пісьменніка Міколы Адама і многіх іншых. Своеасаблівым упрыгажэннем вечарыны стала выстава творчых работ паэта мастака-іканапісца Аліны Савіцкай у фае школы. Дырэктар установы Яўген Пятровіч Гунько прызнаўся падчас імпрэзы, што яшчэ ніколі не бачыў, каб адна ўстанова адукацыі адначасова збірала так многа яскравых, творчых асоб. Варта заўважыць, што, хаця 170-я школа і мае, так бы мовіць, вайсковы ўхіл (на базе школы створаны раённы Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзе юнакі і дзяўчаты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна Мінска вывучаюць прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”), тут ніколі не забываліся і пра творчае развіццё навучэнцаў. На факультатыўных занятках музычнай накіраванасці больш за 100 школьнікаў вучацца ігры на музычных інструментах (фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, цымбалы, гітара, дудачка, домра), спасцігаюць азы вакальных і харавых спеваў. У школе дзейнічае некалькі вакальных і інструментальных ансамбляў, створана дзіцячая студыя “Дамісолька”. Вялікай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаюцца заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Жывапіс. Скульптура. Графіка”, “Саломапляценне”, “Музычныя і тэатральныя гульні” і інш. Самі педагогі школы падаюць сваім вучням цудоўны прыклад далучэння да прыгожага, не адзін год спяваючы і граючы ў складзе ансамбля настаўнікаў “Весялуха”.
“Мы ж сваім пачынаннем хочам яшчэ раз звярнуць увагу дзяцей на тое, што заняткі мастацкай творчасцю — ці гэта музыка, ці паэзія, ці выяўленчае мастацтва — вельмі спатрэбяцца ім у жыцці, магчыма, нават засцерагуць ад многіх няправільных жыццёвых крокаў, дапамогуць адрозніць добрае ад дрэннага, — зазначыла ініцыятар праекта “Душою прычасціцца ад вытокаў…”, паэт, журналіст, галоўны рэдактар альманаха “Гоман літаратурны” Юлія Савіцкая. — Гэта асабліва важна для звычайнай школы на ўскраіне вялікага горада, дзе, можа быць, менш магчымасцей для шырокай культурнай дзейнасці ў параўнанні з прэстыжнымі гімназіямі ў цэнтры сталіцы. Але гэта не значыць, што і тут не можа быць створана актыўнае творчае асяроддзе — з канцэртамі, паэтычнымі сесіямі, мастацкімі выставамі, майстар-класамі і інш. Па дамоўленасці з кіраўніцтвам школы наш праект будзе рэалізоўвацца ў 170-й школе на працягу ўсяго навучальнага года. Такім чынам, праз своеасаблівае культурнае хрышчэнне пройдзе кожны навучэнец гэтай установы”.

Мікола ЧЭМЕР

Раздзелы сайта